За паўгады ў Беларусі выявілі 75 тысяч фальшывых долараў

Больш за 3000 крымінальных справаў за фальшываманецтва былі распачатыя ў Беларусі за апошнія паўтара года. Пра гэта паведаміла Генеральная пракуратура. Толькі ў першым паўгоддзі сёлета ў краіне выяўлена падробленых грашовых сродкаў на суму каля 38 мільёнаў беларускіх рублёў, больш за 75 тысяч долараў, больш за 3000 еўра, каля 112 тысяч расійскіх рублёў.

Паводле словаў генпракурора Пятра Міклашэвіча, “фальшываманецтва наносіць значныя страты фінансавай сістэме рэспублікі, падрывае эканамічныя асновы дзяржавы”.

Пракуратура Беларусі заявіла, што выяўленыя факты неабаснаванага працягнення тэрмінаў расследаваня справаў фальшываманетчыкаў, а таксама неабаснаванага спынення і прыпынення па ім вытворчасці.

Генпракурор запатрабаваў ад міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава выправіць гэтыя парушэнні заканадаўства.

Інтэрфакс