За забойства гандбаліста Лукашука вінаватага асудзілі на 6 гадоў
Але бацька спартоўца лічыць, што асудзілі не таго чалавека.
У верасні 2014 года гандбаліст клуба СКА і зборнай Беларусі Раман Лукашук атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні каля начнога клуба і праз тыдзень памёр. Упраўленне Следчага камітэта па Мінску паведаміла тады, што гулец каля начнога клуба пабіўся з незнаёмым яму мужчынам за чаргу ў таксі.
У выніку, як піша "Прессбол", абвінавачанага 27-гадовага Максіма Урубухава асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі.
Аднак бацька загінулага спартоўца Аляксандр Лукашук не згодны з прысудам. Ён паведаміў журналістам "БелГазеты", што прычынай забойства сына лічыць яго прафесійную дзейнасць і барацьбу за месца ў нацыянальнай зборнай па гандболе. Бацька лічыць, што следства праведзенае не ў поўным аб'ёме, і вінаватым у смерці сына варта лічыць не Урубухава, а іншую асобу.
На думку Лукашука-старэйшага, пасля развалу мінскага "Дынама" абвастрылася барацьба паміж беларускімі гандбалістамі за месца ў зборнай. Ён налічыў чатырох гандбалістаў, якія ў ноч смерці Рамана знаходзіліся каля злапомнага начнога клуба. Бацька спасылаецца на відэазапісы з камер назірання каля клуба. Ён заяўляе, што гэта кардынальна разыходзіцца з паказаннямі сведак і афіцыйнай версіяй падзеяў.
Фота Лукашука — ctv.by