За жоўта-сінюю зорку рэальны тэрмін атрымаў адзін руфер, астатніх апраўдалі
Таганскі раённы суд Масквы 10 верасня прысудзіў руфера Уладзіміра Падрэзава да 2 гадоў і 3 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, перадае BBC. Гэты прысуд вынесены яму за расфарбоўку ў жоўта-сіні колер зоркі на шпілі высокага дома на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве.
Астатніх чатырох абвінавачаных суд апраўдаў. Са словаў суддзі вынікала, што падсудныя былі прызнаныя вінаватымі ў хуліганстве.
Раней пракурор патрабаваў пасадзіць на тры гады трох з чатырох бейсджампераў, затрыманых у жніўні 2014-га каля высотнага дома ў Маскве. Самі абвінавачаныя і іх адвакаты папрасілі цалкам іх апраўдаць.
Маладых расіян звінавацілі ў дапамозе ў акцыі ўкраінца "Мустанга" 20 жніўня 2014 года. На думку абвінавачання расфарбоўка зоркі ў жоўта-сіні колер была зробленая "па матывах палітычнай нянавісці" і з мэтай "дэстабілізаваць сацыяльную абстаноўку" ў Маскве.
Чацвёра бейсджампераў заявілі, што скокнулі з высотнага дома на Кацельніцкай набярэжнай у тую самую раніцу, калі на яе залезлі "Мустанг" з Падрэзавым, цалкам выпадкова.