Забойца і рабаўнік можа спадзявацца толькі на памілаванне прэзідэнта
Калегія Вярхоўнага суда сёння адхіліла касацыйную скаргу асуджанага да вышэйшай меры пакарання жыхара Гомельшчыны Ігара Мяліка.
14 верасні 2010 года Магілёўскі абласны суд вынес Мяліку смяротны вырак за здзяйсненне серыі забойстваў, рабаўніцтва і крадзяжоў у складзе злачыннай групоўкі, а таксама за незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Па справе таксама праходзілі заснавальнік Беларускага рэспубліканскага аб'яднаньня джыу-джыцу і самаабароны Аляксандр Козыраў і сябра аб'яднання Аляксандр Сычоў. Козыраў нечакана скончыў жыццё самагубствам у магілёўскім СІЗА. Сычоў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Цяпер Мялік, якому Калегія Вярхоўнага Суда пакінула прысуд суда першай інстанцыі без змены, можа спадзявацца толькі на памілаванне Аляксандра Лукашэнкі.