Заіка: Новых гандлёвых войнаў з нагоды СГА не будзе

Заявы Беларусі супраць аднаасобнага ўваходу Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю не будуць мець вялікай вагі. Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказаў эканаміст Леанід Заіка. Рашэнне Беларусі, Расіі і Казахстана ўступаць у СГА разам эканаміст назваў "калгасным" і наіўным, бо прыём у арганізацыю адбываецца індывідуальна. І першымі супраць калектыўнага ўваходу ў СГА выступілі ЗША.

Заіка: Калі Шувалаў апынуўся ў ЗША, натуральна, што расійскі віцэ-прэм'ер быў вымушаны казаць тое, што можна зрабіць, а не тое, што намецілі нейкія хлопцы ў еўра-азіяцкім рэгіёне.

Нагадаем, што віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Шувалаў заявіў, што Расія будзе ўступаць у СГА аднаасобна. Беларускі МЗС выступіў з заявай, што такое рашэнне пярэчыць сумесным заявам кіраўнікоў краін Мытнага Саюза.

Аднак, на думку Заікі, падобныя заявы не прывядуць да чарговай "гандлёвай вайны" паміж Расіяй і Беларуссю, кшталту леташніх "малочнай" і "мясной" войнаў. Пагатоў, што і тыя гандлёвыя войны скончыліся для Беларусі паразай.

Заіка: Беларускае малако стала летась на 40% таннейшым - для расіянаў, эскімосаў, чукчаў, галандцаў, палякаў, няважна для каго... Таксама і беларускае мяса стала на 40% таннейшым. Для ўсіх, хто не жыве ў Беларусі! А для Беларусі малако і мяса сталі даражэйшымі на 8-10%