Заіка: У Беларусь могуць пераехаць адносна багатыя расіяне і ўкраінцы

Багатых імігрантаў у Беларусь вызваляць ад падаходнага падатку на 5 гадоў. Такая норма закладзеная ва ўказе №143, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 сакавіка. Указ прадугледжвае вызваленне на працягу 5 гадоў ад абкладання падаходным падаткам прыбыткаў фізічных асоб, якія пераехалі ў Беларусь на сталае месца жыхарства, пры ўмове перамяшчэння імі грашовых сродкаў у Беларусь. Да такіх прыбыткаў указам аднесеныя прыбыткі, атрыманыя ад крыніц за межамі Беларусі ў выглядзе дывідэндаў, адсоткаў, роялці, прыбыткаў па аперацыях з каштоўнымі паперамі, ад рэалізацыі нерухомай маёмасці.

Эканаміст Леанід Заіка пазітыўна ацэньвае гэтую меру. Пагатоў, што колькасць насельніцтва ў Беларусі і так скарачаецца, а колькасць мігрантаў узрастае.

Летась у Беларусі натуральнае змяншэнне насельніцтва склала больш за 25 тысяч чалавек. І да 2050 года, па разліках міжнародных экспертаў, у нас застанецца каля 7 млн 700 тысяч чалавек.

Заіка: Адразу пасля 1994 года паехала тэндэнцыя змяншэння колькасці насельніцтва. Мы такую праблему маем. Урад пра яе не любіць казаць, бо тады адразу ўзнікае пытанне: "А што вы робіце? Чаму людзей так мала становіцца ў краіне?"

На гэтым фоне, кажа эксперт, трэба звярнуць увагу на міграцыю. На стан студзеня 2010 года міграцыя ў Беларусь станоўчая: у краіну больш прыязджае, чым выязджае. І гэта пераважна мігранты з краінаў СНД.

Заіка: Таму беларускія ўлады могуць цалкам разумна і рацыянальна стымуляваць прыезд і засяленне ў Беларусі. Асабліва для асобаў, якія маюць высокія прыбыткі, маюць капітал. У Расіі шмат такіх ахвотных.

Па словах Леаніда Заікі, сацыялагічныя даследаванні ў Расіі паказалі, што каля 60% расійскія прадпрымальнікаў не вельмі хочуць працягваць працу ў Расіі. Прычынай называецца высокі ўзровень крыміналітэту, адсутнасць справядлівага правасуддзя. Таму Беларусь можа прастымуляваць пераезд адносна багатых расійцаў і ўкраінцаў у нашу краіну.