Замежныя тэлевізары ў беларускіх крамах будуць выключна расійскай зборкі

Росту цэн на імпартную бытавую тэхніку ў наступным годзе не чакаецца. Але эксперты прагназуюць, што знайсці тэлевізар альбо пыласос сапраўды замежнай вытворчасці будзе практычна немагчыма Уваходжанне Беларусі ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам ужо прынесла першы непрыемны сюрпрыз. Афіцыйна аб’яўлена, што з 1 студзеня для юрыдычных асобаў, а з 1 ліпеня і для астатніх грамадзянаў мытныя пошліны на аўтамабілі прыраўнуюцца да расійскіх. У выніку, мыта павялічыцца ад 3 да 10 разоў у залежнасці ад года выпуску і аб’ёма рухавіка аўтамабіля.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што чакае беларускі рынак бытавой тэхнікі.
Паводле слоў эканаміста Леаніда Заікі, мыта на ўвоз бытавой тэхнікі ў Беларусі і ў Расіі амаль аднолькавыя. Таму тэндэнцыі да значнага росту цэн на гэтыя тавары ў нас не будзе. Але гэта не азначае, што беларускіх пакупнікоў не чакаюць іншыя сюрпрызы.

Леанід Заіка: “У прынцыпе, яны вельмі падобныя. Але праблема не ў тым, супадаюць мытныя пошліны ці не. Калі мы паглядзім на статыстыку, то заўважым, што за апошнія некалькі гадоў у Расію не было імпартавана ніводнага тэлевізара. Расіяне стварылі шэраг сумесных вытворчасцяў. Як прыклад — у Калінінградскай вобласці збіраюць тэлевізары Panasonic, LG і нейкія яшчэ маркі. У чым заключаецца праца: яны атрымліваюць экраны, іншае, дадаюць дзве свае гайкі і кардонную каробку і спакойна прадаюць яго на тэрыторыі усей Расіі”.

Эканаміст лічыць, што Расія ўзяла курс на стымуляванне ўнутранага рынку. Як інвестыцыйнага, так і спажывецкага. Робіцца ўсё, каб падтрымаць айчыннага вытворцу. А з наступнага года ўсе сябры Мытнага саюза ўстануць на абарону расійскага вытворцы.

Леанід Заіка:
“Расійскі рынак будзе прыкрывацца і далей ад імпарту, а з ім разам і казахскі, і беларускі. Прычым рабіцца гэта будзе штучна. На першым этапе гэта будзе выглядаць як рост абмежаванняў па імпарце. З тым, каб стварыць лепшыя ўмовы для айчыннага вытворцы. А потым, я мяркую, стымуляванне ўнутранай эканомікі дасць большыя аб’ёмы вытворчасці, больш канкурэнцыі — і цэны будуць паніжацца”.

Тое, што кошты на бытавую тэхніку бліжэйшым часам не павялічацца, расказала Еўрарадыё і дырэктарка адной з мінскіх крам гандлёвай сеткі “5 элемент” Аксана Трызно.

Аксана Трызно:
“На дадзены момант ніякіх указаў, загадаў пра нейкае падвышэнне коштаў у будучыні мы не бачылі, і я думаю, што наўрад ці гэта будзе. Бо на сённяшні дзень мы і так маем падвышаную растаможку, гэта надарылася пэўны час таму, і таму я не думаю, што яшчэ больш яна вырасце”.

Што ж тычыцца таго, што замест сапраўды імпартнай у нас будзе бытавая тэхніка выключна расійскай зборкі, то, згодна з яе словамі, яны і так пры набыцці новай партыі тавараў аддаюць перавагу расійскай зборцы.

Аксана Трызно: “Па кошце зараз тэхніка расійскай зборкі добра праходзіць. Сёння нідзе “адвёртачнай” вытворчасці няма — усё збіраецца камп’ютарамі. Так гэта робіцца на заводах Panasonic у Чэхіі і гэтак жа адбываецца ў Расіі. Фірме выгадней вырабіць тавар у Расіі, і нам выгадней набыць яго таксама ў Расіі”.

Няма ніякай інфармацыі наконт магчымага росту цэн ў наступным годзе і ў крамах гандлёвай сеткі “Электрасіла”. Пра гэта Еўрарадыё расказала супрацоўніца адной з мінскіх крам.

Супрацоўніца крамы “Электрасіла” : 
“Я вам шчыра скажу: аніякай інфармацыі на гэты конт у нас няма. А ўгадаць гэта проста так вельмі складана”.

У “Электрасіле” таксама шмат тэхнікі вядомых сусветных марак расійскай зборкі. Праўда, і там, і ў “5 элеменце” кажуць, што скаргаў на сабраную ў Расіі тэхніку не нашмат больш, чым на сабраную дзесьці за межамі краін былога СССР.

У той жа час Леанід Заіка спадзяецца, што палітыка на абмежаванне ўвоза імпарту ў краіну прывядзе да стварэння і ў нас зборачных цэхаў замежных кампаній.

Леанід Заіка: “З’явіцца італьянская зона развіцця, альбо іспанская ці кітайская. У вас жа не ўзнікае пытанне наконт таго, чаму Берлусконі і Лукашэнка будуюць прамысловы раён дзесьці ў Брэсце, непадалёк ад мяжы? Які там прамысловы раён! Будуць прышываць гузікі да італьянскіх пінжакоў і будзе называцца гэта "глыбокае ўзаемнае кааперацыйнае пранікненне эканомік".

А пакуль да гэтага дойдзе, беларусы будуць сваім кашальком бараніць інтарэсы не толькі расійскага аўтапрама, але і вытворцаў бытавой тэхнікі.

Фота: http://photo.bymedia.net/