Заняткі ў школах у маразы залежаць ад Мінадукацыі, Мінздароўя і МНС

Рашэнне аб спыненні заняткаў з-за моцных маразоў будзе прымацца кіраўнікамі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя і па надзвычайных сітуацыях. Пра гэта БЕЛТА паведаміў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Па ягоных словах, ведамствы ўзгодняць спіс гарадоў і рэгіёнаў, у якіх будзе спынена навучанне ў выпадку, калі тэмпература паветра будзе ніжэй за 25 градусаў марозу. Радзькоў зазначыў, што рэгіёны Беларусі адрозніваюцца ў тэмпературным рэжыме: моцныя маразы і вільготнасць у Віцебскай вобласці могуць не дасягаць свайго піку ў Брэсце або Гомелі. На думку міністра, у рэгіёнах, дзе тэмпература не апусціцца ніжэй за норму, заняткі, хутчэй за ўсё, не стануць адмяняць.

У Мінадукацыі працуе адмысловая камісія, якая сочыць за зменамі надвор'я, вывучае праблемы, з якімі сутыкаюцца навучальныя ўстановы ў перыяд моцных маразоў. Па словах Радзькрва, школьнікі, у якіх адменяць заняткі, усё адно не будуць сядзець дома. а пойдуць гуляць на вуліцу.  "А значыць, сэнсу ў спыненні заняткаў для старэйшых школьнікаў няма. Я думаю, што са мной пагодзяцца і вучні, і іх бацькі: лепш сядзець у цёплай школе і вучыцца, чым проста біць бібікі і не рыхтавацца да заняткаў", - заявіў міністр.