Заробак першага "прэзідэнта Еўропы" складзе 24 тысячы еўра ў месяц

Штомесячны заробак першага прэзідэнта Еўрапейскага Савета, якога, як чакаецца, выбяруць сёння ў Бруселі лідэры ЕС, складзе 24 тысячы еўра "чыстымі". Пра гэта РИА "Новости" паведаміла крыніца ў Савеце ЕС. Ва ўмоўным спісе прэтэндэнтаў на новыя вышэйшыя кіруючыя пасады ў структуры органаў улады ЕС, якія ўводзяцца Лісабонскай дамовай, знаходзіцца каля 20 прозвішчаў. Рашэнне будзе прымацца так званай "кваліфікаванай большасцю", што дае перавагу буйным краінам ЕС, якія маюць большую колькасць галасоў.

Назіральнікі называюць фаварытам на пасаду "прэзідэнта ЕС" (прэзідэнта Еўрапейскага Савета — паўнамоцнага форума кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС), які прызначаецца на 2,5 гады, 62-гадовага прэм'ер-міністра Бельгіі Хермана Ван Рампея (на здымку). Сам ён ужо заявіў, што не зможа адмовіцца ад прапановы заняць гэтую пасаду, калі лідэры Еўрасаюза прымуць такое "кансенсуснае рашэнне".



Акрамя Ван Рампея, галоўнымі прэтэндэнтамі называюць кіраўнікоў урадаў Люксембурга і Нідэрландаў Жана-Клода Юнкера і Яна Петэра Балкенэндэ.