Затрыманы былы афіцэр міліцыі, які спрабаваў стрымаць АМАП ля Дома ўраду

У сваёй кватэры на праспекце Ракасоўскага ў Мінску быў затрыманы былы лейтэнант міліцыі Аляксандр Класкоўскі. Увечары 19 снежня ён спрабаваў стрымаць АМАП ля Дома ўраду. Кадры, на якіх афіцэр у форме, са скрываўленай галавой спрабуе словамі дагрукацца да сумлення міліцыянтаў са шчытамі і дубінкамі, з'явіліся на шэрагу інтэрнэт-сайтаў:


Кватэру ўзялі штурмам трое людзей у цывільным. Яны канфіскавалі кампутар, фотаапараты, флэш-карты. У кватэры зламаная мэбля, а сам афіцэр вывезены ў невядомым кірунку, паведамляе БелаПАН.

Лейтэнант некалькі гадоў таму перайшоў з міліцыі на іншую працу. Яго клічуць Аляксандр Класкоўскі. Ён сын вядомага журналіста, супрацоўніка БелаПАН Аляксандра Класкоўскага.

Уночы сястра затрыманага Вольга Класкоўская паведаміла, што пры затрыманні яе брат быў моцна збіты. "Яны білі па твары і нырках, мацюкаліся, казалі, што ўладкуюць яго ў "амерыканцы" [ізалятар КДБ. — БелаПАН.] такое жыццё, што мала не падасца. Абвінавацілі яго ў тым, што ён нібы плюнуў у твар спецназаўцу. Я размаўляла з яго жонкай, Наталляй, яна ў шоку. Добра, што дома не было дзяцей", — сказала Класкоўская.

Па яе словах, паколькі ў кватэру ламіліся невядомыя, была выклікана міліцыя. Супрацоўнікі КДБ запатрабавалі ад міліцыянтаў скласці пратакол за ілжывы выклік. "Пасля яны паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ. Прозвішча аднаго з іх была Лагун, — паведаміла сястра афіцэра. — Я патэлефанавала ў КДБ, каб даведацца на лёс брата, але мне здзекліва прапанавалі прыйсці заўтра на прыём".

Сястра затрыманага мае намер звярнуцца ў праваабарончыя арганізацыі. Яна не выключае, што будзе арганізоўваць акцыі пратэсту побач з беларускай амбасадай у Стакгольме. "Калі не стварыць грамадскі рэзананс, чалавека могуць папросту загубіць", — сказала Вольга Класкоўская.