Затрыманы махляр, які за рэальныя грошы прадаваў віртуальныя аўтамабілі

У Мінску затрымалі махляра, які прадаваў праз Інтэрнэт неіснуючыя аўтамабілі. Псеўдапрадавец прапаноўваў іх прывезці з ЗША, прычым выключна дарагія аўто — ад 20 тысяч долараў. Як паведамляе тэлеканал ОНТ, махляр браў у сваіх кліентаў аванс, 10% ад кошту машыны, а пасля знікаў. Для таго, каб яму верылі наіўныя грамадзяне, "прадавец" змяшчаў на сайце пашпартныя звесткі, праўда, не свае, а з набытага ў бамжа пашпарту. Затрымаць яго ўдалося пасля таго, як чарговы кліент звярнуўся ў міліцыю. Высветлілася, што ад махляра пацярпелі не менш за 8 чалавек.