Затрыманых у Дзень правоў чалавека адпусцілі без складання пратаколаў

Усіх затрыманых учора ў Мінску падчас правядзення вулічнай акцыі праваабаронцаў адпусцілі без складання пратаколаў.
Нагадаем, шэсць чалавек, у тым ліку віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронцы Ірына Тоўсцік і Ўладзімір Лабковіч, раздавалі каля ГУМа мінакам тэксты Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і сцяжкі з адпаведнай сімволікай. Амаль адразу ж іх акружылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія і правялі затрыманне.

У праваабаронцаў канфіскавалі друкаваную прадукцыю, якую, дарэчы, выдала прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а іх саміх неўзабаве адпусцілі. Таксама былі вызваленыя і сябры руху "Маладая Беларусь", якія праводзілі акцыю пратэсту каля будынку КДБ у сталіцы.

У Брэсце ўчора былі вызваленыя таксама без складання пратаколаў апазіцыянеры Юрый Бакур і Андрэй Шарэнда, якіх затрымалі каля галоўнага корпуса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу.

БелаПАН нагадвае, што 10 снежня ва ўсім свеце адзначалася 60-годдзе прыняцця Генеральнай асамблеяй ААН Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.