Завяршаецца следства па справе аб забойстве "пухавіцкага падпальшчыка"

Следства па гучнай справе аб забойстве "пухавіцкага падпальшчыка" завяршаецца сёння. Далей дакументы накіруюць у Гомельскі абласны суд. Па справе праходзіць чацвёра чалавек: дваім з іх выстаўленае абвінавачванне за забойства, учыненае групай асобаў, яшчэ двое праходзяць як саўдзельнікі.  Тэлеканал СТВ нагадвае, што месяц таму пракуратура Гомельскай вобласці прыняла рашэнне аб змяненні меры стрымання траім жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна, якія абвінавачваюцца ў забойстве аднавяскоўца.

50-гадовы мясцовы жыхар, які шэсць разоў трапляў за краты, доўгі час трымаў у страху вёску, падпальваў прыватныя пабудовы і пагражаў людзям. Аднак, даказаць яго віну праваахоўнікам не ўдавалася. Пасля чарговага падпалу трое вяскоўцаў учынілі самасуд - яны забілі мужчыну абухом сякеры.