Зборная Беларусі сёння згуляе з французамі на адборачным турніры ЧЕ-2012

Сёння, 3 верасня зборная Беларусі па футболе згуляе ў Парыжы з камандай Францыі ў межах адборачнага турніру Чэмпіянату Еўропы-2012. Галоўным арбітрам гульні будзе шатландзец Уільям Колум. Нагадаем, што французская каманда сёння выйдзе на поле без трох гульцоў асноўнага складу — Нікаля Анэлька, Патрыса Эўра і Франка Рыбэры. У жніўні Дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футболу Францыі дыскваліфікаваў гэтых футбалістаў у звязку са скандалам у часе матчу Францыя-Мексіка. Матч адбыўся ў чэрвені, французы яго прайгралі з лікам 0:2. Настаўнік зборнай Раймон Даменэк раскрытыкаваў пасля той сустрэчы форварда Анэлька. Футбаліст у адказ брудна аблаяў трэнера.

У скандал уцягнуліся яшчэ колькі футбалістаў. У выніку Анэлька пацярпеў болей за іншых — яго дыскваліфікавалі на 18 матчаў у складзе зборнай, то бок, фактычна пажыццёва. Астатнія яго сябры па камандзе, якіх прызналі вінаватымі ў скандале, пакараныя не так жорстка. Напрыклад, Жэрэмі Тулалян ужо прапусціў адзін матч і такім чынам яго дыскваліфікацыя скончылася.