"Зеніт" прасіў у БАТЭ 3500 білетаў на матч у Мінску, барысаўчане адмовілі

Пецярбургскі "Зеніт" папрасіў барысаўскі БАТЭ павялічыць квоту для сваіх балельшчыкаў і выдзеліць 3,5 тысячы месцаў на матч 5 лістапада ў Мінску, але атрымаў адмову. Як паведамляе "Спорт-экспресс", БАТЭ спаслаўся на тое, што беларускія праваахоўныя органы не ў стане забяспечыць ахову такой колькасці гасцей.
Дарэчы, квота месцаў для заўзятараў "Зеніта" ужо была павялічаная з 1600 да 2300 месцаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар барысаўскай каманды Дзяніс Сарокін.

Сарокін: “Першапачаткова іх квота 1600. Але ім далі больш. Каб не прыехалі піцерскія заўзятары і не панакуплялі квіткі ў перакупшчыкаў, і не стварылі груп падтрымкі вакол усяго стадыёна, а сядзелі ў адным месцы. Тое, што яны яшчэ хочуць - гэта лагічна. Нічыя з БАТЭ ўзняла каціроўкі барысаўскага клуба, і цяпер усе яшчэ раз хочуць паглядзець на гэта”.

Між тым, у інтэрнэце беларускія перакупшчыкі білетаў актыўна прапаноўваюць балельшчыкам "Зеніта" набываць квіткі на матч 5 лістапада. Прычым прадаюць іх утрая даражэй - за 40-45 долараў. Такія прапановы паступаюць нават у офіс "Зеніта".

Фота - tut.by