Жыхар Баранавічаў разаграваў на пліце патрон — здарыўся выбух

У Баранавічах ад выбуху боепрыпасаў пацярпеў 30-гадовы мясцовы жыхар, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС. Інфармацыя пра інцыдэнт паступіла з хуткай медыцынскай дапамогі сёння ў 11.26.

Як распавёў сам пацярпелы, выбух адбыўся, калі ён на кухні ў сваім прыватным доме разаграваў на газавай пліце ў каструлі ў алеі патрон нявызначанага ўзору. Гэтыя маніпуляцыі ён рабіў, каб дастаць з патрона выбухоўку.

У выніку пашкоджанае шкло ў акне, газавая пліта, каструля і патэльня на кухні. Сам мужчына атрымаў асколачнае раненне грудной клеткі і перадплечча, тэрмічны апёк твару і вачэй. Яго змясцілі ў лякарню.

На месцы здарэнне працуюць не толькі выратавальнікі, але і міліцыя, Следчы камітэт, пракуратура і КДБ.