Жыхар Турава спрабуе галадоўкай адстаяць сваё права на працаўладкаванне

 14 студзеня працягвае галадоўку Міхаіл Козел, жыхар Турава , былы рэдактар мясцовай незалежнай газеты "Вольныя навiны". Такім чынам ён дабіваецца зняцця негалоснай забароны на працаўладкаванне па месцы жыхарства, якое, як ён сцвярджае, увялі ўлады, паведамляе БелаПАН.

Пад уціскам КДБ і службовых асоб Жыткавіцкага райвыканкама яшчэ ў 2008 годзе Козел вымушаны быў адмовіцца ад палітычнай і грамадскай дзейнасці. Як паведаміў Міхаіл Козел, з 2007 года ён неаднаразова спрабуе ўладкавацца на працу, але пастаянна атрымлівае адмову.

Кіраўнікі прадпрыемстваў матывуюць адмову ў працаўладкаванні немагчымасцю ўзгадніць кандыдатуру Міхаіла Козела ў ідэалагічным аддзеле Жыткавіцкага райвыканкама. "У нас усе адзін аднаго ведаюць, наймальнікі глядзяць на мае пашпартныя даныя, ваенны білет і кажуць: а, гэта той самы бэнээфавец — і адмаўляюць мне", — паведаміў Козел.

Козел напісаў скаргу ў пракуратуру на негалосную забарону на працаўладкаванне. Ён мае намер працягваць галадоўку.