Жыхарка Ліды стала ахвярай махляроў, якія абяцалі прывезці аўтамабіль

19-гадовая жыхарка Ліды стала чарговай ахвярай віртуальных махяроў, якія выцягваюць у людзей рэальныя грошы.  Усё пачалося з SMS-паведамлення, якое атрымала на свой мабільны дзяўчына. У ім пазначаўся расійскі нумар тэлефона, на які ёй трэба патэлефанаваць. Там беларусцы паведамілі, што адна з расійскіх фірмаў па продажы аўтамабіляў у гонар свайго дня нараджэння праводзіла разам з адной расійскай радыёстанцыяй розыгрыш прызоў.

У выніку інтэрактыўнага галасавання лідчанка выйграла аўтамабіль “ВМV Х5”, коштам 81 тысяча долараў.

Невядомы мужчына прапанаваў забраць машыну з горада Тальяці з 1 да 10 верасня, альбо яго могуць прывезці ў Ліду за пэўную суму. Апошні варыянт і абрала дзяўчына ды пералічыла грошы на прапанаваны рахунак.

На наступны дзень расійскія тэлефоны ўжо не адказвалі і ахвяра махляроў звярнулася па дапамогу да беларускіх праваахоўнікаў. Высветлілася, што ад дзейнасці невядомых злачынцаў ужо пацярпелі жыхары Беларусі, Казахстана і Балгарыі, інфармуе "Народная газета".