Злачынцы вывозілі з "Белкарда" крадзеныя дэталі на катафалку

У Гродне завяршыўся працэс над арганізаванай злачыннай групай, якая спецыялізавалася на крадзяжах камплектуючых дэталяў да карданных валаў з заводу "Белкард". На лаве падсудных апынуліся 9 былых рабочых прадпрыемства, два кантралёры вартавой аховы і кіроўца катафалка адной з рытуальных фірмаў Гродна.

Злачынцы выкрадалі запчасткі з механазборачнага цэха і вывозілі на катафалку ды асабістых аўтамабілях. Гаражы каля "Белкарду" перарабілі на склады і падпольныя майстэрні. Са скрадзеных запчастак у падпольных умовах збіраліся карданныя валы і прадаваліся скупшчыкам з Расіі, піша "Гродзенская праўда". Затрымалі зламыснікаў, калі яны ўначы перакінулі праз плот "Белкарду" каля 60 мяшкоў з запчасткамі.
    
Агульная шкода, прычыненая імі, ацэньваецца ў суму 61 мільён 718 тысяч рублёў.