Зламыснік на аўтамабілі атакаваў міліцыянераў, яго паранілі

Позна ўвечары 9 лістапада ў міліцыю патэлефанавала жыхарка пасёлка Негарэлае Дзяржынскага раёна і паведаміла, што двое невядомых праз разбітае акно залезлі ў яе хату. На месца прыехалі ўчастковыя — капітан і старэйшы лейтэнант, якія затрымалі зламыснікаў-жыхароў суседняй вёскі Рудня (ва ўзросце 28 і 31 года) — яны былі ў стане алкагольнага ап'янення.

Аднак неўзабаве адзін з мужчын вырваўся, выбег з хаты, сеў у схаваныя на суседняй вуліцы "Жыгулі" і спрабаваў наехаць на міліцыянераў, але не саўладаў з кіраваннем і машына апынулася ў кювеце. Зламыснік вылез з аўтамабіля і, трымаючы руку ў кішэні, з пагрозамі пайшоў у бок праваахоўнікаў. Яны здзейснілі тры папераджальныя стрэлы ў паветра, а пасля паранілі мужчыну ў нагу. Цяпер ён знаходзіцца пад аховай у бальніцы.

Як інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, у адносінах мужчыны, які быў паранены, распачатая крымінальная справа па артыкуле "супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з пагрозай прымянення гвалту". Супраць яго сябрука распачалі справу па артыкуле "хуліганства", ён затрыманы.

Фота — Fotolia