Злодзеі пакінулі без тэлевізіі жыхароў 10 гомельскіх шматпавярховікаў

Жыхары дзесяці шматпавярховых дамоў у гомельскім мікрараёне "Заходні" засталіся без тэлебачання. Сітуацыя доўжыцца каля тыдня, паведамляе БелаПАН. Злодзеі скралі кабель, таму жыхары 26 пад'ездаў не могуць карыстацца пакетам праграм "Агульнадаступны", куды ўваходзяць 7 каналаў - БТ, АНТ, СТВ, "РТР-Беларусь", "Лад", "НТВ-Беларусь" і мясцовы канал "Нірэя".

Міліцыя пакуль не знайшла вінаватых, і прычыненую шкоду ніхто не кампенсаваў. Абанентам было прапанавана перападпісаць дамовы на пашыраны пакет, які ўключае да 42 каналаў. Аднак некаторыя з іх не пагадзіліся. Гамельчукі наракаюць, што іх пакінулі без інфармацыі ў самы разгар прэзідэнцкай кампаніі.