Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Павел Кур'яновіч - на Акрэсціна

Сем сябраў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" былі затрыманыя ўчора вечарам у кватэры на мінскай вуліцы Караля. Супрацоўнікі МНС разрэзалі жалезныя дзверы, а драўляныя дзверы міліцыянты выбілі кувалдай. Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ заявілі прысутным, што атрымалі інфармацыю пра наяўнасць у кватэры трупа, інфармуе БелаПАН.
Пасля ператрусу Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Кацярына Галіцкая, Павел Кур'яновіч і трое непаўналетніх сябраў арганізацыі былі завезеныя ў УУС Маскоўскага раёна.



Вядома, што Дашкевіч і Фінькевіч цяпер знаходзяцца ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, яны будуць адбываць 7-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 1 траўня, прысвечанай Дню Еўропы. Новых пратаколаў на маладафронтаўцаў міліцыянты вырашылі не складаць.

Як паведамляе прэс-служба "Маладога фронту", на Акрэсціна знаходзіцца і актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Кур’яновіч, на якога быў складзены адміністрацыйны пратакол, але на дадзены момант невядома, на якой падставе. Сёння яго справу будзе разглядаць суд Маскоўскага раёна сталіцы.

Фота - mfront.net