Звозіць ядзерныя адкіды з Еўропы у магільнік на Ігналінскай АЭС не будуць

На Браслаўскіх азёрах, размешчаных на тэрыторыі Літвы, пабудуюць сховішча для ядзерных адкідаў. Літоўскія спецыялісты ад атамнай энергетыкі днямі сустракаліся з грамадскасцю беларускай Браслаўшчыны і тлумачылі людзям, наколькі сховішча будзе бяспечным для іх і навакольнага асяроддзя. Шкада, што ў зале не было перакладчыкаў, каб перакласці ўсё сказанае імі з навуковай мовы на мову, зразумелую простым людзям, што прыйшлі на тую сустрэчу.

У пятніцу, 20 красавіка, у актавай зале прафесійнай вучэльні горада Відзы не было вольных месцаў. Мясцовая грамадскасць, агульнай колькасцю каля 100 чалавек, суcтракалася з афіцыйнай дэлегацыяй з Літвы. Супрацоўнікі Ігналінскай АЭС, Міністэрства энергетыкі і Інстытута атамнай энергетыкі Літвы расказвалі аб праекце будаўніцтва сховішча для захоўвання ядзерных адкідаў на яе тэрыторыі.

Мясцовыя жыхары і прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі задавалі ім свае пытанні. Ад Відзаў да АЭС не больш за 20 кіламетраў, і такое суседства выклікала ў жыхароў вялікую занепакоенасць.

Пабудаваць сховішча неабходна да 2009 году. Менавіта тады будзе спынена работа на другім блоку электрастанцыі і Ігналінская АЭС перастане існаваць. Гэта ў свой час было асноўнай умовай прыняцця Літвы ў Еўрасаюз. І зараз, па словах менеджэра праекту пабудовы сховішча і зняцця станцыі з эксплуатацыі Канстанціна Дзегцярэнкі, прыйшоў час выконваць тую дамоўленасць.

Канстанцін Дзегцярэнка: “Захоўванне адпрацаванага ядзернага паліва з’яўляецца асноўным праектам усёй праграмы зняцця нашай станцыі з эксплуатацыі. Для гэтай мэты Літва пры дапамозе Еўрасаюза выдаткоўвае вялікія грашовыя сродкі”.

Паколькі ж сховішча будуецца ў непасрэднай блізкасці ад межаў суседніх з Літвой дзяржаў — Беларусі і Латвіі, то літоўскі бок вымушаны атрымаць згоду на будаўніцтва ад суседзяў. І не толькі кіраўніцтва дзяржаў, але і простых людзей, што будуць жыць у непасрэднай ад яго блізкасці. А для гэтага людзей трэба ўпэўніць у бяспечнасці такога суседства. Гэта таксама патрабаванне Еўрасаюза.

Літоўскія навукоўцы выступалі доўга, паказвалі слайды і прыводзілі свае аргументы ў абарону праекту будаўніцтва сховішча. Але зразумець іх без дыплома фізіка-ядзершчыка ў кішэні было немагчыма. Таму людзі слухалі і маўчалі. Пакуль вынік простымі словамі не падвёў Канстанцін Дзегцярэнка.

Канстанцін Дзегцярэнка: “Наш праект таму такі важны з пункту гледжання бяспекі і ўплыву на суседнія раёны, што мы прыводзім у больш бяспечны стан паліва, якое знаходзіцца ў рэактары і басейнах ахалоджвання”.

Толькі тады з залы пачуліся галасы і пытанні.

Голас з залы: “Ці не стане гэты могільнік палігонам для захоўвання адкідаў ядзерных станцыяў Еўропы – Германіі, Аўстрыі, Францыі ды іншых?”

Канстанцін Дзегцярэнка, менеджэр праекту шчыра сказаў, што сёння запланавана будаўніцтва сховішча, разлічанага на колькасць ядзернага паліва, якая ёсць на Ігналіне сёння. Што там будзе праз некалькі гадоў, ён казаць не бярэцца.

Прадстаўнікоў Міністэрства аховы прыроды цікавіла іншае пытанне: ці вытрымаюць кантэйнеры для захоўвання адкідаў ядзернага паліва, калі на іх зваліцца “Боінг 737”? Літоўскія энергетыкі адказаць не змаглі, і ахоўнікі прыроды паставілі перад імі ўмову ўдакладніць гэты факт.

У карэспандэната "Еўрапейскага радыё" ўзнікла ўражанне, што падзенне на сховішча “Боінга” — адзіная небяспека з боку могільніку для Беларусі, якую заўважылі ахоўнікі прыроды. Але галоўны спецыяліст аддзела экалагічнай экспертызы Людміла Івашачкіна ўпэўніла недаверлівага карэспандэнта, што гэта не так.

Людміла Івашачкіна: “У мяне была падрыхтаваная прэзентацыя нашых прапаноў і пытанняў, але па тэхнічных прычынах мы спазніліся на гэта пасяджэнне, і зрабіць яе не ўдалося”.

Насамрэч, як стала вядома з яе словаў, міністэрства цікавіць пытанне ўзроўню радыяцыйнага ўздзеяння сховішча на наваколле, аптымізаваныя радыяцыйныя нагрузкі на крытычныя групы насельніцтва і шэраг іншых пытанняў. Шкада, што нашыя адмыслоўцы спазніліся на сустрэчу і не задалі іх.

Як стала зразумела са слоў літоўскіх спецыялістаў у прыватнай размове, гэтыя грамадскія слуханні былі арганізаваныя таму, што яны з’яўляюцца абавязковым патрабаваннем з боку Еўрасаюзу. А гэта значыць, што вялікага значэння меркаванне грамадскасці для будучага будаўніцтва мець не будзе, і сховішча ўсё адно пабудуюць.

Канстанцін Дзегцярэнка запрасіў карэспандэнта Еўрапейскага радыё прыехаць на станцыю і на ўласныя вочы пабачыць, дзе і што будзе будавацца. Што мы і плануем зрабіць у бліжэйшы час.

Фота yabloko.ru