Зялёныя хацелі б вылучыць у прэзідэнты Беларусі спявачку Дзіяну Арбеніну

Спявачку Дзіяну Арбеніну, салістку вядомага расійскага гурта "Начныя снайперы" хацелі б вылучыць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Прынамсі такі варыянт разглядае Партыя зялёных Беларусі.  Паводле лідэра партыі Алега Новікава, многім "зялёным" Арбеніна "цікавая, сімпатычная", у тым ліку і тым, што "займае пазіцыю абароны правоў жанчын". Але, як высветліла Еўрарадыё, глыбока гэтае пытанне ў партыі яшчэ не прапрацоўвалі, Новікаў нават дакладна не ведае, колькі ёй гадоў.

Алег Новікаў
: "Мы не выключаем такога варыянту, але гэта ідзе пакуль на ўзроўні нейкіх папярэдніх размоваў, такіх вясёлых. Бо перад тым, як пачынаць гэты праект з ёй, трэба спраўдзіць, ці ў яе застаўся беларускі пашпарт, ці адпавядае яна ўсім патрабаванням Закона аб выбарах. Я маю на ўвазе нейкі перыяд, які яна мусіла б у апошні час жыць у Беларусі".

Нагадаем, прэзідэнтам нашай краіны можа стаць грамадзянін Беларусі па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў. Арбеніна нарадзілася ў Беларусі, у Валожыне. 8 ліпеня ёй споўніцца якраз 35 гадоў. Адзінае, што Дзіяна з трох гадоў не жыве ў Беларусі, хаця часам і прыязджае з канцэртамі, а закон патрабуе, каб кандыдат не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі жыў у нашай краіне. Таму мусім засмуціць беларускіх зялёных — спявачка на бліжэйшых выбарах ніяк не змагла б балатавацца, нават калі б і пагадзілася на такую прапанову.