З'явілася новая сацыяльная сетка для аўтамабілістаў — Carnet
З яе дапамогай можна кантактаваць, кансультавацца ці паведамляць пра заўважаныя парушэнні.
Беларускія аўтамабілісты могуць карыстацца новай сацыяльнай сеткай — Carnet. З дапамогай дадатку любы ўладальнік смартфона зможа паведаміць пра дарожныя праблемы, парушэнні правілаў дарожнага руху ці проста напісаць паведамленне гаспадару аўтамабіля, які зарэгістраваны ў дадатку. Гэта дазволіць наладзіць кантакты паміж аўтамабілістамі — дастаткова ведаць нумар аўтамабіля будучага суразмоўцы, адзначае газета "СБ. Беларусь сегодня".
Зарэгістраваныя карыстальнікі змогуць звярнуцца да інспектараў ДПС, пракансультавацца ці паведаміць пра заўважаныя парушэнні, адправіць паведамленне з ілюстрацыяй і зрабіць адзнаку на карце.
Carnet распрацавалі мінскія спецыялісты пры падтрымцы Дзяржаўтаінспекцыі. Дадатак бясплатны. З 11 лістапада ён даступны для спампоўвання ўладальнікам прыстасаванняў з сістэмай iOS, інфармуе БЕЛТА.
Да канца восені Carnet працуе ў тэставым рэжыме.