З’явіліся кнігі пра герояў моладзевага антысталінскага супраціву

Выйшлі з друку дзве кнігі, прысвечаныя героям антыкамуністычнага моладзевага паваеннага падполля ў Мядзельскім і Смаргонскім раёнах.
Аўтарам адной з іх і укладальнікам другой з’яўляецца вядомы беларускі гісторык, археолаг і грамадскі дзеяч Міхась Чарняўскі.

«Часам можна пачуць меркаванне, што ў «саветызаванай» Беларусі не было пасляваеннага антыкамуністычнага руху, адсутнічалі спробы супраціву рэжыму, — піша сп. Чарняўскі ў прадмове да зборніка дакументаў і ўспамінаў «Ня бойцеся ахвяраў і пакут!». — Гэтакая думка не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. У Беларусі быў шырокі антыкамуністычны супраціў».

Супраціўляліся не толькі дарослыя, але і дзеці. Міхась Чарняўскі распавядае пра мядзельска-смаргонскае вучнёўскае антысталінскае падполле, якое існавала з 1948 да 1950 года. Моладзь вырабляла і распаўсюджвала ўлёткі, кожная з якіх закончвалася словамі: «Смерць Сталіну!».

Пачынальнікам і ідэолагам арганізацыі быў Расціслаў Лапіцкі (1928 — 1950), асоба легендарная. Гэта быў перакананы антыкамуніст, беларускі патрыёт, вельмі таленавіты хлопец. Паводле прысуду Ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі ён быў расстраляны. Перад тым адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Большасць астатніх падпольшчыкаў на доўгія гады патрапілі ў турмы і канцлагеры.

Дакументы на гэтую тэму дагэтуль схаваныя ў сакрэтных архівах, таму Міхась Чарняўскі грунтуе свае даследаванні найперш на ўспамінах удзельнікаў і сведкаў тых падзеяў. Кніга «Ня бойцеся ахвяраў і пакут!» складаецца пераважна з успамінаў, запісаных аўтарам.

Пра арганізацыю і Расціслава Лапіцкага ён ведаў яшчэ са школьных гадоў. Дзесьці ў 1960-х сп. Чарняўскі пачаў збіраць першыя звесткі, ушчыльную ўзяўся за распрацоўку тэмы з 1996-га, але асноўны кавалак працы зрабіў летась.

У серыі «Нашы славутыя землякі» Міхась Чарняўскі выдаў кнігу «Як пошут маланкі: Расціслаў Лапіцкі». У ёй ён распавядае пра жыццёвы шлях маладога беларускага патрыёта.

ДАВЕДКА «Еўрарадыё»:

«Ня бойцеся ахвяраў і пакут!». Дакументы і матэрыялы пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем’я (1948— 1950 гг.). Вільня, Наша Будучыня, 2006, 154 с. Укладальнік Міхась Чарняўскі.

Чарняўскі М. Як пошут маланкі: Расціслаў Лапіцкі. Мінск, Тэхналогія, 2006, 72 с.