Zygimont Vaza: Мы па-за сістэмай. І наш слухач – таксама.

Бадай што самы стары з цяжкіх гуртоў Беларусі Zygimont Vaza возьме ўдзел у Львоўскім фэсце. З лідэрам калектыву Сяргеем Скрыпнічэнкам – папулярным блогерам, аналітыкам, які выдатна арыентуецца ў сучаснай музычнай сітуацыі, журналістка Еўрарадыё пагаварыла пра свабоду, пра сённяшні культурны беларускі фон і пра Be Free, да якога засталося некалькі тыдняў. Сяргей Скрыпнічэнка, лідэр гурта Zygimont Vaza: Часта кажуць, што галоўнае – гэта ўнутраная свабода, а ўсё астатняе няважна. Гэта няпраўда. Знешнія абставіны маюць значэнне і яны аказваюць свой ўплыў на ўнутраны стан чалавека. Таму быць свабодным, калі так ужо банальна, то жыць у вольнай краіне з вольнымі паняткамі і ладам жыцця. Іншая справа, што можна жыць унутранай свабодай са сваёю фігаю ў кішэні, то і так можа быць. А можа і не быць.

ЕРБ: Што ёсць вольны лад жыцця для музыкі?

С.С.: Тое ж, што і для машыністаў і лётчыкаў. Гэта калі ты займаешся справай, якая табе падабаецца, і ніхто не замінае.

ЕРБ: А калі не спяваць сацыяльныя і незалежніцкія песні, можна ў нашай краіне сёння быць вольным музыкам?

С.С.: Няма такога панятку. Калі вольны музыка той, хто грае, што яму падабаецца, то гэта нешта такое эфемернае... Бо ўсе людзі жывуць у канкрэтнай сітуацыі культурнай, у любой краіне ў любыя часы. І тое, што называецца мастацтвам – сукупнасць з'яў, якая вельмі падпарадкаваная эстэтычнай сістэме і сістэме аўтарытэтаў. І калі ты ў гэтую сістэму не трапляеш, то можаш спяваць і маляваць, што захочаш – ты па-за сістэмай. І глядач твой пазасістэмны. Таму папса і поп-рок, яны ўпісаныя ў гэтую сістэму афіцыёзную. А музыкі, што ў яе не ўваходзяць – яны ўсе маргіналы. Калі прайсці і спытацца ў прасунутай моладзі, як там было ў дзяцінстве: назаві 10 банд металу. А зараз перайначыўшы – назаві 10 банд з Беларусі, Расіі і з усяго свету, то з Расіяй і ўсім светам праблемаў не будзе, а наконт нашых пачнуць задумвацца. І не факт, што наогул узгадаюць. Раней беларускі рок прысутнічаў на тэлебачанні, радыёстанцыях, і таму людзі, якія гэта бачылі, нешта памятаюць. Могуць нават ніводнай песні не ведаць, але ў памяці ўсплыве нейкае імя – N.R.M, ULIS, Zygimont Vaza, КРАМА... Проста быў пэўны перыяд, калі нас было 5 гуртоў беларускамоўных і гэта было амаль ўсё!

ЕРБ: Дык зараз жа радыё і тэлебачанне не так уплываюць на людзей.

С.С.: Хто сказаў? Тэлебачанне, радыё, Інтэрнэт – гэта фон. І людзі зараз вельмі ад яго залежныя. Што на ім адбываецца, тое адбіваецца ў мазгах і свядомасці. Калі там няма чагосьці, то гэта невядома большасці. Так яно і ёсць, бо беларускі рок нідзе ў медыа-прасторы не прэзентаваны. Хіба што ў Інтэрнэце... Але музыка павінна быць жывой і гучаць са сцэн, каб людзі радаваліся жыццю! А калі гэта толькі спампаваць песеньку з Тузіна Гітоў... Ну, спампаваў і што? Гэта ніякім чынам не развівае беларускі рок. Тузін – канал інфармацыі, але адзін і маленькі, які не ўплывае на агульную сітуацыю.

ЕРБ: Але ў такіх умовах можа нарадзіцца нешта пратэстнае, сапраўднае, немэйнстрымавае.

С.С.: Гэта ўсё вялікія міфы. Калі чалавек хоча распраўсюдзіць свае ідэі, ён змушаны патрапіць у сістэму. І наогул, усё нармальнае нараджаецца ў нармальных умовах.

ЕРБ: Вы так усё выдатна разумееце. Дык чаму б вам – гурту, які прадстаўляе адэкватную беларускую музыку – не пайсці на хітрасць? Упісваецеся ў сістэму і пачынаеце прасоўваць іншы погляд на музыку і культуру наогул?


С.С.: Існуе яшчэ адзін міф, што вы будзеце працаваць там у нейкай рэдакцыі і гэта будзе падрываць сістэму знутры. Таму што калі чалавек трапляе ў сістэму, ён пачынае дзейнічаць у рамках гэтай сістэмы. Гэта можа быць газета, фірма, што заўгодна. Ты прыйшоў і маеш свае меркаванне? Пакладзі яго ў кішэньку і сядзі ціхенька. А што тычыцца нашага гурта – мы проста не бачым сэнсу. Бо калі патрапіш у афіцыёзную сістэму, то атрымаецца: чалавек добры, а астатак застаўся. Не хочацца лезці ў гэтую сістэму нават на адзін крок, таму што яна (на прыкладзе той жа Дзяржфілармоніі) за апошнія 15 гадоў паказала, як яна працуе, да чаго імкнецца і што плануе рабіць у гэтай краіне. Таму ніякіх ілюзіяў я не маю і ў сістэму патрапіць не спрабую. Хаця гэта можна зрабіць на раз-два.

ЕРБ: Якім чынам?

С.С.: Праявіць ініцыятыву. Пасля таго, як увялі 75% на беларускую музыку, насамрэч з'явіўся попыт на любую якасную музыку. Няважна – рок, поп... Калі прапанаваць свае паслугі, то можна ўдала прыстасавацца. Але навошта?

ЕРБ: А навошта вы едзеце на Be Free? Усе музыкі адказваюць – запрасілі, выканалі нашыя ўмовы. Ці ёсць у вас нейкі пафас і цікавасць да гэтага фестывалю?

С.С.: Па-першае, нас, канешне ж, запрасілі і выканалі нашыя ўмовы. Мы падумалі, што гэта вельмі добра, бо нас канцэртамі жыццё не балуе. А паехаць і выступіць у такім месцы – дык адмовіцца было б проста глупствам.

ЕРБ: Ці ёсць на вашую думку ў Be Free ужо сваі твар, фармат, разынка?

С.С.: Мне падаецца, што мы пакуль не можам нічога казаць пра гэты фестываль, бо ён адбыўся толькі раз. Як вясёлая акцыя правакацыі ў Луцку. Падобнае можна казаць, калі маецца пэўная традыцыя. Але хацеў бы зазначыць, што мы цудоўна разумеем, што значыць зрабіць такі фестываль. Гэта цяжка. А яшчэ цяжэй зрабіць яго ў іншай краіне. І тут арганізатарам безумоўна трэба выказаць вялікі рэспект.

ЕРБ: Ты з'яўляешся актыўным інтэрнэт-карыстальнікам і блогерам. Ці заўважаеш цікавасць да фестывалю ў патэнцыйных слухачоў?


С.С.: Ні больш ні менш, чым штосьці іншае. Пакуль што Be Free выглядае музычным фестывалем. І выклікае звычайную цікавасць.

ЕРБ: А калі б на ім былі сапраўдныя еўрапейскія зоркі, ці было б сярод нашых блогераў больш шуму?

С.С.: Беларусь знаходзіцца ў абсалютнай ізаляцыі ад ўсіх працэсаў, што адбываюцца ў Еўропе – і ў Літве, і ва Украіне і ў Польшчы ў прыватнасці. Таму падобны праект толькі надае жыцця нашаму балоту. Таму не трэба казаць, маўляў, не будзе Rolling Stones, а будуць нейкія ўкраінцы і палякі. Дык прабачце, мы нават з украінцамі і палякамі аніяк не сутыкаемся на культурным узроўні.

ЕРБ: Як будзе падцягваць культурны ўзровень беларусаў на Be Free гурт Zygimont Vaza?


С.С.: Як заўсёды. Дадзім джазу.

Фота - Slaver