09:23 Летась "Балтыка" прадала ў Беларусі 39 млн. літраў піва

За мінулы год "Піваварная кампанія "Балтыка" рэалізавала ў Беларусі 39 млн. літраў піва. За год аб'ём продажу кампаніі на нашым рынку павялічыўся больш чым на 30%. Такія звесткі прадаставіў аддзел па сувязях з грамадскасцю расійскай піваварнай кампаніі.

У 2006 годзе "Балтыка" пастаўляла на беларускі рынак прадукцыю брэндаў "Балтыка", "Арсенальнае", "Неўскае", "Мядовае", "Ленінградскае", "Жыгулёўскае", "Ярпіва", а таксама ліцэнзійных брэндаў "Carlsberg", "Foster's", "Tuborg" і "Kronenbourg 1664".


Асноўнымі ў структуры продажу ў Беларусі па-ранейшаму заставаліся "Балтыка" і "Арсенальнае": па выніках года аб'ём продажу піва "Балтыка" павялічыўся на 4,3 млн. літраў (на 28%), "Арсенальнае" — на 1,4 млн. літраў.

Аб'ём продажу піва ліцэнзійных брэндаў у Беларусі ў параўнанні з 2005 годам узрос у пяць разоў. Доля "Балтыкі" ад усяго імпарту расійскага піва ў Беларусь па выніках мінулага года склала больш за 75%.

Разам з тым летась расійская кампанія аказала падтрымку такім маштабным сацыяльна-культурным праектам у Беларусі, як міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", фестываль "Кубак піва" ў Лагойску, Міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя.