100-годдзе Чырвонага касцёла плануецца адзначаць цэлы год

21 лістапада будзе адзначацца 100-годдзе Чырвогага касцёла ў Мінску. Пра гэта Еўрарадыё распавёў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. Ён адзначыў, што плануецца зрабіць юбілейным увесь год. 21 лістапада пройдзе святочнае набажэнства. На яго былі запрошаныя кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, міністры культуры ды адукацыі, кажа айцец Уладзіслаў:

Завальнюк: "Перад намі гэтая ўрачыстасць, якую будзе весці шаноўны нунцый, пасол Ватыкана – арцыбіскуп Марцін Відавіч. Слова Божае прамовіць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. І іншыя біскупы, якія будуць прысутнічаць. Таксама на гэтую ўрачыстасць запрошаны дыпламатычны корпус усіх хрысціянскіх краінаў. Таксама запрошаны міністр культуры, міністр адукацыі, дзяржаўныя ўлады. Мы плануем, каб цэлы год быў юбілейны".

Акрамя гэтага, кажа Завальнюк, 19 лістапада ў Чырвоным касцёле пройдзе міжканфесійная малітва. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі зарэгістраваных у Беларусі канфесій.