10:26 На Магілёўшчыне з могілак крадуць крыжы

У Чавускім раёне Магілёўскай вобласці злавілі злодзеяў, якія скралі з могілак крыж. Работнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва яшчэ ў дзень пахавання жыхаркі вёскі Антонаўка прыкмеціў крыж з нержавеючай сталі на яе магіле.  На наступны дзень разам з сваім сябрам яны скралі яго, распілавалі і разам з уласнымі запаснымі часткамі ад матацыклаў прадалі скупшчыкам металу. Ад гэтай здзелкі маладыя людзі атрымалі 40 тысяч рублёў.

Міліцыянты хутка іх вылічылі. Зараз вандалам пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе газета «Звязда».

Дарэчы, летась у Чавускім раёне ўжо былі выпадкі крадзяжоў крыжоў з вясковых могілак. А аднойчы з могілак у райцэнтры знікла агароджа магілы, якая была зроблена з нержавейкі. Тыя справы дагэтуль нераскрытыя.