10:56 У расійскай прэм’ер-лізе будуць гуляць 15 беларусаў

У заяўкі 16 каманд расійскай прэм'ер-лігі ўнесеныя прозвішчы 15 беларускіх легіянераў, паведамляе сайт беларускай амбасады ў Расіі.

Найбольшае прадстаўніцтва — па тры беларускія гульцы — у томскай “Томі” і ў ФК “Масква”. Прычым у складзе масквічоў усё трыо беларусаў — гэта варатары Юрый Жаўноў, Антон Амельчанка і Ілля Гаўрылаў.


За каманду з Томску будзе гуляць яшчэ адзін беларускі абаронца варот — Васіль Хамутоўскі, а таксама паўабаронца Аляксандр Кульчы і форвард Віталь Булыга. У самарскіх “Крылах Саветаў” выступяць Дзяніс Коўба і Аляксей Сквярнюк.


Яшчэ адзін беларускі дуэт — Цімафей Калачоў і Сяргей Амельянчук — будзе абараняць колеры “Растова”. Самыя ж дасведчаныя легіянеры — Сяргей Гурэнка з маскоўскага “Лакаматыву” і Сяргей Штанюк, што гуляе за “Прамень-Энергію” з Уладзівастоку — маюць за плячыма амаль па дзве сотні матчаў у вышэйшым расійскім дывізіёне.