11:40 У праваслаўных наступае Светлая седміца

У гэты тыдзень, які ў вернікаў называецца Светлая седміца, праваслаўныя працягваюць святкаванне Вялікдня. Усе гэтыя дні ў храмах будуць заставацца адчыненымі царскія вароты ў знак таго, што сваёй смерцю Ісус Хрыстос адчыніў людзям дарогу ў рай.

Акрамя таго, амаль бесперапынку будуць гучаць царкоўныя званы, бо, па даўняй традыцыі, кожны атрымае магчымасць забрацца на званіцу і асабіста біць у званы, падзяліўшыся такім чынам з іншымі велікоднай радасцю.

Характэрна таксама, што на працягу ўсёй Светлай седміцы няма постных дзён. Святкаванне Вялікдня працягнецца 40 дзён -да Узнясення, якое сёлета адзначаюць 17 траўня.

Увесь гэты час праваслаўныя будуць вітаць адно аднаго словамі "Хрыстос уваскрос!", храмы будуць упрыгожаныя кветкамі і чырвонымі велікоднымі яйкамі, а духавенства будзе здзяйсняць службы ў чырвоным уборы.


Паведамляе “Інтэрфакс”