11:41 Аўгустоўскі канал даражэй за Канары?

18 сакавіка Аўгустоўскі канал прыняў першых афіцыйных наведвальнікаў. Пакуль што гэта былі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, але як кажуць мясцовыя ўлады, ужо зусім хутка павандраваць па ўнікальным гістарычным экапомніку Беларусі зможа кожны жадаючы беларус. Колькі гэта каштуе? Больш за 1 мільён рублёў. Падрабязнасці ў рэпартажы нашага гродзенскага карэспандэнта Змітра Цвікевіча: “Экскурсіі па Аўгустоўскім канале будзе ажыццяўляць адмыслова пабудаваны для гэтых мэтаў цеплаход “Нёман”. Ён будзе праходзіць праз адноўленыя шлюзы канала, па просьбе турыстаў можа спыніцца каля гісторыка-архітэктурных помнікаў, якіх на тэрыторыі канала некалькі. На цеплаходзе таксама можна будзе ўзяць у арэнду, вядома, за асобную плату, байдарку ці звычайны веславы човен, каб асабіста праплыць па былым водным гандлёвым шляху, які злучае басейны рэк Віслы і Нёмана. І за ўсё гэта турыст мусіць выкласці як мінімум 1 мільён рублёў. Адна гадзіна знаходжання на такім цеплаходзе каштуе 160 тысяч “зайцоў”, што трошкі не дацягвае да траціны сярэдняга сакавіцкага заробку беларуса. Увесь жа турыстычны шлях займае ад 6 да 8 гадзін. А гэта значыць – тры гадзіны “пракаціўся” на цеплаходзе – месячнага заробку як не было. А наперадзе ж яшчэ 3, а то і пяць гадзінаў вандроўкі… Да прыкладу, за гэты кошт можна 5 дзён правесці ў круізе на маямскім лайнеры. А калі дадаць да гэтага гастранамію, сувеніры, транспартныя выдаткі… Мы маем нешта каля 1,5 мільёна выдаткаваных на адпачынак на Аўгутоўскім канале пад Гродна. Дакладна за гэты ж кошт мы можам вандраваць 8 дзён на адным з найсучаснейшых лайнераў па Заходніх Карыбах. Ці ўсё ж такі едзем на наш Аўгустоў? Маляўнічы ландшафт, двухсот пяцідзесяці гадовыя мураваныя берагі, памежная ціш і спакой… Выбар за намі, за народам, для якога, як кажуць улады, Аўгустоўскі канал і аднаўляўся. Зміцер Цвікевіч, Еўрарадыё, Гродна”