11:43 Аляксандр Лукашэнка завяршыў візіт у Індыю

Увечары 16 красавіка завяршыўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю, куды напярэдадні ён прыбыў з Амана.

Паводле інфармацыі афіцыйных крыніц, падчас візіту прэзідэнты Беларусі і Індыі ўхвалілі сумесную дэкларацыю, дзе вызначылі перспектыўныя накірункі ўзаемадзеяння.

У дакуменце пацверджана гатоўнасць бакоў да далейшага ўмацавання супрацоўніцтва шляхам ажыццяўлення ўзаемных візітаў на ўсіх узроўнях.

Адзначаецца важнасць новых ініцыятыў у галіне гандлю, эканомікі, навукова-тэхнічнай і інвестыцыйнай сферах, у тым ліку стварэнне сумесных прадпрыемстваў і прамысловае ўкараненне сумесных тэхналагічных распрацовак.

Бакі пагадзіліся заснаваць сумесную камісію па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і заявілі аб намеры ўмацоўваць узаемадзеянне ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Зацверджана выканаўчая праграма супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі на 2007-2010 гады. Найбольш актуальныя накірункі ўзаемадзення — мікраэлектроніка, распрацоўка і вытворчасць кантрольна-вымяральнай апаратуры, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, у тым ліку вадародная і сонечная энергія, лазерная і аптычная тэхніка, новыя матэрыялы і нанатэхналогіі, біятэхналогіі і медыцына, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.


Вядзецца праца па стварэнні ў Нью-Дэлі сумеснага індыйска-беларускага цэнтра па супрацоўніцтве ў галіне лазерных і аптычных тэхналогій. Дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў Беларусі сумеснага вучэбнага цэнтра інфармацыйных тэхналогій.

Лукашэнка і прэзідэнт Індыі Абдул Калам выказалі меркаванне, што да 2010 года аб'ём двухбаковага тавараабароту павінен дасягнуць 500 мільёнаў долараў.