12 патрабаванняў Еўрасаюза да ўладаў Беларусі

У сувязі з сённяшняй заявай Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія ўлады прымуць патрабаванні ЕС, нагадваем, чаго ж патрабуе Еўропа. Еўрасаюз патрабуе, каб:

1. Паважалі права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў і групаў падтрымкі праводзіць кампаніі без ціску, судовага пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права на волевыяўленне і права на справядлівы падлік галасоў.

2. Паважалі права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці, каб улады давалі журналістам магчымасць працаваць бяз ціску або судовага пераследу, не закрывалі газетаў і не заміналі іх распаўсюджванню.

3. Паважалі правы грамадзкіх арганізацыяў як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладнялі іх законнага існаваньня, ня ціснулі на сябраў грамадзкіх арганізацыяў, не перасьледавалі іх і дазвалялі ім атрымоўваць міжнародную дапамогу.

4. Вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных — сябраў дэмакратычных апазіцыйных партыяў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

5. Належным чынам правялі незалежнае расследаванне або перагледзелі выпадкі са знікненнем грамадзянаў.

6. Забяспечылі права народу Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, у якой над суддзямі не чыніўся б палітычны ціск, не праводзіліся адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы і не прымаліся палітычна матываваныя рашэнні — такія, як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды.

7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманні і прыніжальнае абыходжанне з людзьмі.

8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасцяў.

9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі — у прыватнасці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах — і давалі прафсаюзам магчымасць бараніць правы чалавека.

10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўладаў.

11. Следам за іншымі народамі Еўропы забаранілі пакаранне смерцю.

12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕС і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.

Паводле "Нашай нівы"