12:12 Беларуская культура ў польскіх рэаліях

Учора ў Варшаве распачаліся Дні беларускай культуры пад незвычайнай назвай "Мінск Мікс". Адзін з арганізатараў канцэрту Уладзімір Міхневіч з арганізацыі “Беларуская ініцыятыва” падрабязней распавядае пра гэтае мерапрыемства.
Уладзімір Міхневіч: Сенняшні канцэрт арганізаваны трыма арганізацыямі: фондам “Беларуская ініцыятыва”, галерэяй “Зоя”, а таксама навуковым асяроддзем "Albaruthenica” . Назва вельмі простая — "Мінск Мікс". Змяшаць усё магчымае з культурнага кантэксту сённяшняй Беларусі.

Запрэзентаваць культуру ў яе музычным, літаратурным, кінаварыянце, а таксама ў варыянце выступаў дудароў, якія адбудуцца ў суботу і нядзелю.

Я сардэчна запрашаю ўсіх на прэзентацыю кніжак, выдадзеных Калегіумам Усходняй Еўропы, дзе прэзентавая беларуская літаратура, перакладзена на польскую мову, а таксама на канцэрт Касі Камоцкай.


У суботу мы арганізоўваем дударскія спатканні, на які прыехали 18 дудароў з розных гуртоў, такіх як “Стары Ольса”, “Ліцвінтроль” і “Ветах”, а таксама будзе 8 удзельнікаў з Польшчы.

Адкрываў дні беларускай культуры акустычны канцэрт вядомых музыкаў – Ігара Варашкевіча, Сержука Трухановіча і Піта Паўлава. Прычым гэта быў не проста канцэрт, а, як яго назваў Ігар Варашкевіч, канцэрт-лекцыя: паміж песнямі музыкі распавядалі пра сябе і адказвалі на пытаньні аб агульным становішчы беларускай музыкі.

Уражаннямі з канцэрту дзеліцца Піт Паўлаў:

Піт Паўлаў: Мне спадабалася публіка, мне спадабаўся канцэрт, мне спадабалася атмасфера. У нейкі момант у публікі згубілася ўвага, але мне ўсё больш-менш падабаецца. І сама ідея мне сімпатычная.

Як граецца для польскай публікі, мы запыталіся ў Ігара Варашкевіча

Ігар Варашкевіч: Добра граецца. Але беларусы ведаюць беларускую мову, палякі не ведаюць, таму рэакцыя ўсё ж такі адрозніваецца.

Калі Ігар Варашкевіч і Сяржук Трухановіч гралі ў пары, то Піт Паўлаў браў публіку штурмам уласнымі сіламі. Як адчуваў сябе на сцэне музыка без сваіх сяброў?

Піт Паўлаў: Я ўжо граў адзін. Для меня гэта не ёсць штосьці новае. Проста гэта крышачку складаней – трымаць увагу залы. Немагчыма схавацца за выкананне сола або за моцны рытм ці гук. Трэба ўвесь час трымаць увагу зала.

Таксама Піт Паўлаў пракамэнтаваў і саму ідэю дзён беларускай культуры ў Польшчы.

Піт Паўлаў: На мой погляд, гэта паволі інфармуе палякаў аб тым, што ў нас дзеецца ў краіне і мастацтве. Калі б у мяне запыталіся, як мэтава патраціць грошы, у мяне ёсць уласнае меркаванне на гэты конт, але шчыра кажучы, тое, што робіцца – няхай робіцца. Гэта ўжо мае другія Дні культуры, я быў ва Вроцлаве аднойчы. І мне здаецца, што гэта патрэбная рэч.

Фота — photo.bymedia.net