12:30 Сёння споўнілася 450 гадоў з дня нараджэння Льва Сапегі

4 красавіка споўнілася 450 гдоў з дня нараджэння канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Славуты беларус нарадзіўся ў 1557 годзе ў вёсцы Астроўна Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Канцлер Сапега дабіўся прыняцця III Статута ВКЛ, які замацаваў шырокую аўтаномію нашай краіны ў складзе Рэчы Паспалітай, а таксама абвясціў старабеларускую мову дзяржаўнай.

Паводле слоў старшыні Таварыства беларускай мовы Алег Трусава, на свой зварот па ўвекавечанні памяці Сапегі кіраўніцтва ТБМ атрымала адказы з Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў.

З гэтых адказаў вынікае, што на радзіме канцлера, у аграгарадку Астроўна, пастаўлены памятны знак Сапегу, у Віцебскай вобласці плануецца правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейнай даце, у тым ліку пазакласных гадзін, творчых конкурсаў, экскурсій у музей Астровенскай школы, напісанне рэфератаў, правядзенне навуковых канферэнцый, а таксама выставы публікацый у абласной бібліятэцы.

У Брэсцкай вобласці плануецца адкрыццё памятнага знака канцлеру ў Ружанах, дзе знаходзіцца палац Льва Сапегі, афармленне экспазіцыі ў Пружанскім музеі, правядзенне творчай вечарыны ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце і тэатралізаванага паказу з удзелам рыцарскіх клубаў на тэрыторыі Ружанскага палаца, а таксама падрыхтоўка шэрагу перадач на абласным тэлебачанні.