12:34 Амбасадар Ізраіля ганараваў беларускіх Праведнікаў
Сем дыпламоў і медалёў Праведнікаў народаў свету ўручыў 19 красавіка ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры ў Мінску амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е. Гэтым званнем удастоеныя 10 грамадзян Беларусі: Кліменцій, Вольга і іх сын Кім Лісоўскія, Паліна Папяляева, Вера Назаранка-Асаула, Аляксандра Скрыпко, Марыя Дыбаль, Казімір і Галіна Туміловічы, а таксама Станіслава Салянік. Усім, за выключэннем спадарыні Салянік, якая, надзеўшы на сябе лату зоркай Давіда, у гады Другой сусветнай вайны пранікала ў мінскае гета, каб перадаць прадукты для сям'і Брук, званне Праведніка народаў свету было прысвоена пасмяротна
Амбасадар Зэеў Бэн-Ар’е назваў цырымонію ўручэння гэтых узнагарод самым ганаровым абавязкам, якая выпадае на долю ізраільскіх дыпламатаў.
Грамадская камісія па прызнанні і ўвекавечанню заслуг Праведнікаў народаў свету дзейнічае пры мемарыяльным інстытуце памяці ахвяр і герояў Катастрофы еўрапейскага габрэйства "Яд ва-Шем" ("Памяць і імя") у Іерусаліме. Праведнікам уручаецца медаль са словамі з Талмуда: "Чалавек, які выратаваў адно жыццё, ратуе ўсё чалавецтва..." і ганаровы дыплом. У выпадку, калі іх заслугі аказваюцца прызнанымі пасмяротна, гэтыя ўзнагароды перадаюцца сваякам Праведнікаў.
Імёны людзей, якія ў гады вайны рызыкавалі жыццём для выратавання габрэяў, заносяцца на Сцяну пашаны ў Садзе Праведнікаў народаў свету. У гонар кожнага Праведніка на тэрыторыі музея "Яд ва-Шэм" саджаюць дрэва.
Званне Праведніка народаў свету прысвоена 560 жыхарам Беларусі.