12:42 Прусакі здольныя тыднямі жыць без галавы

Прусакі здольныя па некалькі тыдняў жыць без галавы. Такой цікавай і актуальнай навіной з жыцця братоў нашых меншых дзеліцца са сваімі чытачамі Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Энтамолаг Крыстафер Ціпінг з каледжа ў даліне Дэлавэр акуратна, пад мікраскопам абезгаловіў некалькі асобінаў амерыканскага прусака, а пасля заткнуў ранку зубным воскам. Казуркі пражылі ў слоіку некалькі тыдняў.

Прусакі вядомыя сваёй жывучасцю. Іх часта ўяўляюць адзінымі істотамі, здольнымі перажыць ядзерную вайну.

Фізіёлаг і біяхімік Джозаф Кункель з Масачусетскага універсітэта тлумачыць, што прусакі могуць жыць без галавы, бо не маюць разгалінаванай сеткі крывяносных сасудаў.

Страта прусачынай галавы не прыводзіць да страты крыві і падзення крывянага ціску, не ўплывае на транспартаванне кіслароду да жыццёва важных органаў.

БЕЛТА сцвярджае, што эксперыменты з адсяканнем галавы прусакам могуць праліць святло на працу нервовай сістэмы казурак і шмат распавесці пра іх незвычайную жывучасць.