12:56 У Беларусі з’явіцца дванаццаты епіскап

Дванаццаты епіскап Беларускай праваслаўнай царквы будзе пасвечаны ў сан 22 красавіка ў Мінску. Як паведаміла прэс-служба Беларускага экзархата, 27 сакавіка на пасяджэнні Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы пад старшынствам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II была прынята пастанова абраць епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім іераманаха Серафіма (Беланожку), клірыка мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора.

Нарачэнне архімандрыта Серафіма ў епіскапы адбудзецца 21 красавіка за вячэрнім набажэнствам у Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. Епіскапская хіратонія будзе праведзена на наступны дзень за боскай літургіяй у Свята-Духавым саборы.

Боскую літургію і хіратонію ажыццявіць мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт у саслужэнні членаў Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і архіепіскапа Ніжагародскага і Арзамаскага Георгія.