13:11 У Мінску светлафорамі будуць кіраваць па мабільным тэлефоне

У сталічным мікрараёне Сухарава пачалося выпрабаванне сістэмы кіравання светлафорамі па сотавай сувязі. Як распавёў начальнік аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм мінскай Дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Навой, мяркуецца, што на кожным светлафоры будзе ўсталяваны мадэм і кіраванне будзе здзяйсняцца праз сервер. Дзякуючы такой сістэме тэлефон з цэнтра ўпраўлення зможа датэлефанавацца да светлафора, як да абанента сотавай сувязі. Гэта абыйдзецца значна танней, чым пракладаць тэлефонную лінію да кожнага з 422 светлафорных аб'ектаў.

У новай сістэме ёсць толькі адзін мінус: калі лінія перагружаная, кіраванне светлафорамі становіцца немагчымым. Калі атрымаецца вырашыць гэтую праблему, то з часам кіраванне светлафорамі па мабільным тэлефоне поўнасцю заменіць традыцыйнае па правадных лініях сувязі.


Паведамляе агенства “Мінск-навіны”