13:32 Адзін з "пажарнікаў" скончыў жыццё самагубствам

У Гомельскім следчым ізалятары, дзе працягваецца закрыты судовы працэс над удзельнікамі злачыннай групоўкі "пажарнікі", скончыў жыццё самагубствам адзін з фігурантаў па гэтай справе. Звесткі аб гэтым з'явіліся з неафіцыйных крыніц у канцы мінулага тыдня. Сёння гэты факт пацвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Пры гэтым суразмоўца агенцтва абверг першапачатковую інфармацыю аб тым, што падсудны перарэзаў сабе горла лязом. У той жа час абставіны гібелі ў СІЗА аднаго з "пажарнікаў" пакуль не раскрываюцца, як і яго асоба. Нагадаем, на лаве падсудных знаходзіцца другая група ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі - 19 чалавек.

Удзельнікі першай (27 чалавек) былі асуджаны на тэрміны ад 3 да 14 гадоў пазбаўлення волі ў мінулым годзе. Групоўка "пажарнікі" ўзнікла на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў сярэдзіне 1990-х гадоў і праіснавала 10 гадоў.

Члены гэтай злачыннай арганізацыі займаліся разбоямі, крадзяжамі, вымагальніцтвам, незаконным аўтабізнесам. Усяго яны ўчынілі больш за 100 злачынстваў. Прысуд па гэтай справе мяркуецца вынесці ў сераду.