13:41 У Гомелі прайшло хрысціянскае міжканфесійнае свята "Зыход"

У гомельскім палацы культуры "Фестывальны" 15 красавіка прайшло хрысціянскае міжканфесійнае свята "Зыход".
Мерапрыемства арганізаваў касцёл нараджэння Маці Божай і мясцовыя пратэстанцкія абшчыны, у тым ліку адвентыстаў сёмага дня, хрысціян веры евангельскай.

Як паведаміў служыцель царквы хрысціян веры евангельскай "Благадаць" Сяргей Сергіеня, такое міжканфесійнае мерапрыемства адбылося ў Гомелі ўжо ў трэці раз.

Цяпер яно было прысвечана святкаванню Вялікадня, гэткай жа тэматыкі былі і канцэртныя нумары. Перад гледачамі выступалі ў асноўным вакальныя і інструментальныя калектывы.

"Пры дапамозе песень мы хочам данесці людзям вестку, нагадаць аб тым, што Хрыстос уваскрос і смерць пераможана. Апрача таго, гэтае мерапрыемства — яшчэ адзін крок да збліжэння канфесій. Каталікі і пратэстанты, паважаючы адзін аднаго, знаходзяць спосабы супрацоўнічаць, у прыватнасці па сацыяльных пытаннях. Праваслаўныя, праўда, ветліва адмаўляюцца ад правядзення сумесных мерапрыемстваў", — зазначыў Сергіеня.

Паводле яго слоў, на гэтым свяце сабралася значна больш удзельнікаў, чым на папярэдніх міжканфесійных сустрэчах.