13:49 Пабоішча на станцыі "Фрунзенская" не адбылося

— Што адбываецца ў гэты момант?
— У гэтыя хвіліны я разам з часткай калоны знаходзімся на вуліцы Мельнікайте і кіруемся ў бок станцыі метро Фрунзенская.

Каля кінатэатра «Масква» адзін з арганізатараў сённяшняй акцыі Зміцер Бандарэнка і частка былой арганізацыі "ЗУБР" проста паднялі рукі і казалі міліцыянтам, што, давайце, ладзім пабоішча тут. Гэта будзе вельмі сымбалічна, бо каля кінатэатра "Масква".

Аднак пабоішча не адбылося. Частку людзей выкінулі, і праз двары людзі выйшлі на вуліцу Мельнікайте, цяпер мы кіруемся ў бок станцыі метро Фрунзенская.

— І вы па ранейшаму ачэпленыя міліцыянтамі?

— Мы ачэпленыя міліцыянтамі па-ранейшаму, з усіх бакоў. Вельмі часта здараюцца правакацыі з боку супрацоўнікаў КДБ, таму што гэта людзі ў штацкім, якія становяцца на чале калоны й вядуць калону туды, куды ім трэба.

Такім чынам, людзі, якія кіраваліся ад ГУМа ў бок Нямігі праз Раманаўскую Слабаду, разбітыя на чатыры часткі, і ўвесь час побач з намі вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі.

— Гэтае перасоўванне можна назваць стыхійным, ці аднак ёсць нейкія лідэры, якія кантралююць сітуацыю і валодаюць інфармацыяй пра тое, дзе знаходзяцца цяпер большыя часткі людзей?

— Лідэры стыхійныя з'яўляюцца ў кожнай з групаў, якую рассякаюць і разбіваюць. Цяпер гучаць нейкія новыя папярэджанні на чале калоны, якая кіруецца па Мельнікайте.

На жаль, мне не чуваць, што вяшчаюць міліцыянты. Ці гэта міліцыянты, ці гэта зноўку з нейкімі заклікамі выступае Мікіта Сасім.

— Зразумела. Дзякуй вялікі, Каця, будзем стэлефаноўвацца й будзем трымаць слухачоў у курсе падзеяў. Нагадаю, сёння 89-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.