14 гадоў турмы за забойства маці

Забойства адбылося ў верасні мінулага года. Сын прыехаў на пахаванне бацькі. Пасля жалобнай цырымоніі, калі ўсе разышліся, ён застаўся разам з 74-гадовай маці. Па матэрыялах справы, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ён нанёс ёй некалькі удараў нажом і сякерай. Пасля гэтага вынес абезгалоўленае цела ў двор, дзе і схаваў у тэхнічным калодзежы, паведамляе БелТА.

Некалькі дзён родныя спрабавалі знайсці пажылую жанчыну. Аднак неўзабаве сын, канчаткова працверазеўшы, прызнаўся ў зробленым. Па выніках судова - медыцынскай экспертызы мужчына прызнаны нармальным. Ён цалкам прызнаў сваю віну, аднак патлумачыць матывы і дэталі забойства не змог. Суд прысудзіў яго да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.