16:05 “Euro’2012” прымуць Польшча і Украіна!
Некалькі гадзінаў таму стала вядома, што Чемпіянат Еўропы па футболе 2012 года пройдзе ў Польшчы і Украіне. Гэтая навіна ўпершыню за некалькі дзён пасунула з першых старонак украінскіх інфармацыйных рэсурсаў кроніку канфлікта прэзідэнта Віктара Юшчанкі і Вярхоўнай Рады краіны.
Гаспадароў турніру вызначыў выканаўчы камітэт UEFA, а аркуш, на якім былі напісаныя запаветныя словы “Poland & Ukraine” выцягнуў з канверта прэзідэнт FIFA Мішэль Плаціні. Іншымі прэтэндэнтамі на правядзенне “Euro’2012” былі Італія і Вугоршчына з Харватыяй, якія таксама падавалі сумесную заяўку, але былі “адсееныя” яшчэ ў першым туры.
Інфармагенцтва “УНІАН” паведамляе, што выбары адбыліся ў Кардыфе, сталіцы Уэльса. Напярэдадні, 17 красавіка, прэтэндэнты прадстаўлялі свае заяўкі на права прыняць “Euro’2012”. У прэзентацыі Польшы і Украіны прынялі ўдзел прэзідэнты Віктар Юшчанка і Лех Качыньскі, вядомыя футбалісты Андрэй Шаўчэнка і Ежы Дудак, баксёр Віталь Клічко.
Гульні кантынентальнага першынства прымуць па чатыры ўкраінскія і польскія гарады. Польшча плануе правесці матчы “Euro’2012” у Гданьску, Познані, Варшаве і Вроцлаве, а Украіна - у Кіеве, Данецку, Львове і Днепрапятроўску. Такім чынам, у беларускіх заўзятараў футбола з’явіліся рэальныя шанцы - няхай праз 5 гадоў - але трапіць на матчы кантынентальнага першынства!
У рэзерве з украінскага боку застаюцца стадыёны Харкава і Адэсы, з польскага - Кракаў і Хожуў. Рэзервовыя гарады будуць прыцягвацца да правядзення “Euro’2012” у выпадку праблем у "асноўных" гарадах, а таксама ў выпадку магчымага павелічэння колькасці ўдзельнікаў чэмпіянату з 16 да 24 каманд.
Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка прывітаў рашэнне выканаўчага камітэта UEFA. Пра гэта аператыўна паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Чальцы ўкраінскага ўраду на паседжанні Кабінета міністраў сустрэлі навіну аб правядзенні Чэмпіянату Еўропы 2012 года ва Украіне і Польшчы апладысментамі.
Пра гэта ў кулуарах урада сказаў журналістам сайта "Подробности.ua" міністр абароны Анатоль Грыцэнка.
Фота podrobnosti.com.ua