16:20 Войцэха Ярузэльскага чакае суд

Былога прэзідэнта Польшчы Войцэха Ярузэльскага будуць судзіць за нелегальны ўвод у краіне ваеннага становішча 13 снежня 1981 года, паведамляе “АФН” са спасылкай на польскае агенцтва “DPA”. Па інфармацыі “DPA”, Інстытут нацыянальнай памяці, які займаецца расследаваннем злачынстваў камуністаў і нацыстаў, 17 красавіка накіраваў у Варшаўскі акруговы суд 63 тэчкі з матэрыяламі расследавання, якое праводзілася на працягу апошніх двух з паловай гадоў. За ўчынак 25-гадовай даўніны Ярузэльскаму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Сам экс-прэзідэнт сцвярджае, што зрабіў тое, што было неабходна, каб стабілізаваць сітуацыю ў краіне і прадухіліць уваход савецкіх войскаў. За час веннага становішча ў Польшчы паліцыяй былі расстраляныя дзесяткі чалавек і арыштаваныя больш 90 тысяч прыхільнікаў прафсаюза "Салідарнасць".