17:07 У Віцебску затрыманыя дзесяць чалавек

Плошчу Свабоды ў Віцебску з раніцы 25 сакавіка заблакавалі аўтамабільнай тэхнікай. Складаецца ўражанне, што кожнаму віцебскаму прадпрыемству загадана было прыпаркаваць на плошчы па адной-дзве машыны. Большай часткай гэта аварыйныя розных тэхнічных службау ды пасажырскія аўтобусы з аўтапарку.

А палове на дванаццатую міліцыянты затрымалі беспартыйнага актывіста Барыса Хамайду, які рушыў па мосце Кірава з бел-чырвона-белым сцягам. Спадара Хамайду адвезлі ў Чыгуначны РАУС.

Праз паўгадзіны затрымалі яшчэ восем чалавек, якія маўкліва стаялі на рагу плошчы і не трымалі ніякіх плакатаў. Міліцыянты палічыли нават такія дзеянні арганізацыяй несанкцыянаванага пікету і прапанавалі людзям разысціся на працягу 5 хвілін.

Але калі з плошчы людзі рушылі па вуліцы Леніна, яны былі затрыманы за арганізацыю шэсця з выкарыстаннем забароненай сімволікі.

Як забароненую сімволіку міліцыянты ўспрынялі бел-чырвона-белы шалік актывісткі АГП Алены Залескай ды штучныя кветкі ў яе руках. Сярод затрыманых трое непаўналетніх.

У затрыманні прымаў удзел асабіста намеснік кіраўніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Каліноўскі.