17:30 У Індыі выпусцілі грошы для хабару

У Індыі, дзе карупцыя набыла пагрозлівыя маштабы, прыдумалі новы спосаб барацьбы з хабарніцтвам. Тут выпусцілі купюру нулявой вартасці з партрэтам Махатмы Гандзі, найбольш ушанаванага ў краіне лідэра. Дакладныя копіі банкноты ў 50 рупій выраблены адмыслова для таго, каб уручаць іх службоўцам, якія патрабуюць хабару. Ужо аддрукавана 25 тысяч банкнот, якія распаўсюджваюцца ў горадзе Чанай.

Аўтары ініцыятывы таксама заяўляюць, што ўважліва праверылі прававы бок справы. "Нулявыя" банкноты не могуць разглядацца ў якасці фальшывых грошай, паколькі капіруюць сапраўдную купюру толькі з аднаго боку.

Прэзідэнт арганізацыі 5th Pillar, якая выступіла з падобнай ініцыятывай, паведаміў, што людзі ўжо паспяхова выкарыстоўваюць "нулявую" банкноту. Аднаго кіроўцу спыніў уначы паліцыянт і намякнуў, што адпусціць яго за ўзнагароду. Кіроўца даў яму новую банкноту. Паліцыянт быў шакаваны, аднак усміхнуўся і адпусціў яго.

Хабарніцтва ў Індыі, па словах прадстаўнікоў арганізацыі, з'яўляецца нормай паўсядзённага жыцця. Любыя бягучыя пытанні, ці то атрыманне тэлефоннай лініі, або падаўжэнне пашпарта, рашаюцца з дапамогай грошай, дадзеных таму або іншаму чыноўніку.

Пры гэтым вымагальніцтва часцей за ўсё застаецца непакараным, паколькі грамадзяне проста не ведаюць сваіх правоў. Для рашэння гэтай праблемы добраахвотнікі з 5th Pillar адкрылі цэнтры юрыдычнай дапамогі насельніцтву.

Кожны чалавек, які жадае вырашыць свае пытанні законным шляхам, не даючы хабараў, можа туды звярнуцца.


Паведамляе Lenta.ru