1840 чалавек распрануліся на венскім стадыёне

У Вене прайшла чарговая акцыя амерыканскага фатографа Спэнсера Туніка, вядомага сваімі здымкамі вялікай колькасці аголеных людзей. 1840 добраахвотнікаў пазіравалі голымі на стадыёне Эрнста-Хапеля, дзе ўлетку адбудзецца фінал чэмпіянату Еўропы па футболе.
Паводле задумы Туніка, удзельнікі акцыі павінны былі прадэманстраваць "сацыяльную пластыку".

Яны выконвалі статычныя заданні: устаць, павярнуцца, выцягнуць рукі, сесці на лавы і г.д. Таксама яны хадзілі па шэрагах і пазіравалі з футбольнымі мячамі, якіх спатрэбілася каля тысячы.

Пасля заканчэння працы фатограф назваў працу на стадыёне ўнікальнай магчымасцю і адзначыў, што задаволены вынікамі.

Дадам, што канчатковыя вынікі працы Туніка будуць выстаўленыя 23 чэрвеня ў адной з венскіх галерэй. Яго ініцыятыва прайшла ў рамках культурнай праграмы, прымеркаванай да чэмпіянату Еўропы па футболе, які адбудзецца з 7 па 29 чэрвеня на стадыёнах Аўстрыі і Швейцарыі.

Нагадаю, што Тунік - скандальна вядомы фатограф, якога ў 1994 годзе арыштавалі за здымку аголеных мадэляў днём у Манхэтане. Цяпер яго фотаздымкі вядомыя па ўсім свеце.

Сярод яго прац - ледніковы стрыптыз, які Спэнсер Тунік ствараў у межах сумеснага праекту з міжнароднай прыродаахоўнай арганізацыяй Greenpeace. Фатограф правёў сесію масавых здымак аголеных людзей на швейцарскім ледніку Алетш.

Ён таксама ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як арганізатар найбольшай у свеце фотасесіі жанчын у бікіні. У ёй прымалі ўдзел 1010 жанчын рознага ўзросту і целаскладу.

У траўні гэтага года Тунік пабіў свой жа ўласны рэкорд колькасці аголеных фотамадэляў, адначасова задзейнічаных у здымках. Фатограф здолеў распрануць адначасова 18 000 мексіканцаў.

Фота: www.suchablog.com